Sunday, June 12, 2011

Падводнае гэтта

Над горадам шэрая хмара
Макабрычных памераў
Чырвоны фабрычны комiн
Поўны вады як калодзеж
Поўны вады як калодзеж

Вада залiвае горад,
Вулiцы, плошчы ды скверы.
Мы заплюшчылi вочы
Мы зачынiлi дзьверы,
Мы зачынiлi дзьверы.

I мы не ўмеем плаваць,
Мы памрэм без паветра
I маўклiвыя рыбы
Будуць жыць у нашых пакоях,
Будуць жыць у нашых пакоях.

Давай памаўчым таксама
Цiша мацней за слова
Ты мяне разумееш,
I гэтага дастаткова,
I гэтага дастаткова.

Гэта падводнае гетта
Тут не хапае паветра
Тут альбо вучысься плаваць,
Альбо канаеш пацiху
Альбо канаеш пацiху.

Стаiм у вадзе па горла
Зьнямелыя i не зважаем
На тое, як неяк пацiху
Падобнымi сталi да рыбаў
Падобнымi сталi да рыбаў.

I мы пачынаем дыхаць
I нам пад вадою добра,
Калi толькi гэтую вадкасьць
Можна назваць вадою
Можна назваць вадою.

No comments:

Post a Comment